МЕЛЬГУНО́ЎСКІ КУРГА́Н, Літой курган,

курган пач. 6 ст. да н.э. каля г. Кіраваград (Украіна). Раскапаны ў 1763 рас. ген. А.​П.​Мельгуновым, ад імя якога і паходзіць назва. У выніку даследаванняў на глыбіні каля 1,8 м выяўлена грабніца, абкладзеная каменнымі плітамі. Сярод знаходак жал. меч скіфскага тыпу ў залатых ножнах з выявамі фантастычных істот, залатыя дыядэма, стужка з фігуркамі малпаў і ібісаў, бляшкі ў выглядзе арлоў, сярэбраныя ножкі ад трона урарцкай работы. Лічаць, што курган быў насыпаны над пахаваннем багатага воіна-правадыра, магчыма, удзельніка скіфскіх паходаў у Пярэднюю Азію.

т. 10, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)